вторник, 25 сентября 2018 г.

Палажэнне аб правядзенні конкурсу "Знаходка года"


Пасяджэнне савета музея


4 верасня адбылося пасяджэнне савета музея, на якім быў абраны яго новы склад на чале з Карозай Лізаветай. Членамі савета музея сталі: Духцік В.І., Рак А.М., Рагоўская Н. А., Лабовіч І.А., Сідорка Л.Б., Семяняка Іван, Кароза Насця, Кароза Ліза, Нядвецкая Паліна, Патаповіч Насця, Хвядук Даша, Юркевіч Каця, Пачабыт Паліна, Пацкевіч Насця, Світа Валерыя, Пасюк Дамініка, Баравік Валерыя, Сітнік Кірыл, Цэйкала Андрэй.
         Падчас сходу былі падведзены вынікі за мінулы навучальны год, намечаны 
задачы на будучыню. Прынята палажэнне аб правядзенні конкурсу “Знаходка года”, 
размеркавалі пошукавыя заданні па класах:
-         “75 год вызвалення Зэльвеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” - 10, 6, 5-ыя класы;
-         “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці”- 9, 7 класы;
-         “Камсамольскае юнацтва” – 11, 8 класы.


понедельник, 24 сентября 2018 г.

Філосаф сусветнага значэння


У народны гісторыка-краязнаўчы музей “Светач” трапіла пісьмо, напісанае магістрам матэматыкі Варшаўскага ўніверсітэта Антонам Іосіфавічам Кміта. Аўтар пісьма нарадзіўся 11 ліпеня 1942 г. у в. Рудзевічы. Заканчыў 9 класаў у в. Міжэрычы. Са жніўня 1958 г. пражывае ў Польшчы.
А. Кміта выслаў матэрыялы пра вядомага філосафа ХХ ст. Рафала Лемкіна, які нарадзіўся ў в. Бязводна. Савет музея дзякуе Антону Іосіфавічу за прапанаваны матэрыял. Пасля знаёмства з яго зместам, а таксама дысертацыяй Дугласа Ірвіна Эрыксана “Жыццё і работа Рафаэля Лемкіна: палітычная гісторыя генацыду ў тэорыі і законе” і аўтабіяграфію філосафа, быў напісаны артыкул, які накіраваны ў рэдакцыі газет “Праца” і “Настаўніцкая газета”.
Рафаэль Лемкін

Філосаф сусветнага значэння
Апошнім часам у сродках масай інфармацыі ўсё часцей падымаюцца пытанні генацыду. Разважаючы аб яго праяўленнях і распаўсюджванні, навукоўцы апіраюцца на факты сучаснісці і гістарычнага мінулага.
Само паняцце “генацыд” з’явілася ў сярэдзіне ХХ ст. Адзначыў рысы генацыду, вызначыў яго праяўленні Рафал (Рафаэль) Лемкін. Пра гэтага чалавека шмат напісана навуковых прац. Яго імя вядома ў многіх краінах свету, але, на жаль, не на сваёй малой радзіме. У Парыжы яму ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Чаму Рафала Лемкіна так цікавілі пытанні генацыду? Паспрабуем знайсці адказ у яго дзяцінстве.
Нарадзіўся Рафал Лемкін на Зэльвеншчыне ў 1900 годзе ў вёсцы Бязводна. У сваёй аўтабіяграфіі Рафал піша, што гэта была польска-яўрэйская сям’я. Бацька  Іосіф быў упраўляючым  у маёнтку. Маці,  Бэлла Памеранц,  займалася хатняй гаспадаркай і навучаннем сваіх дзяцей: Іллі, Самуіла і Рафаэля. Яна мела даволі добрую адукацыю: валодала некалькімі замежнымі мовамі, музыцыравала, малявала. Каб развіваць памяць сваіх сыноў, выкарыстоўвала вельмі просты метад: вершы, паданні, казкі яна спявала на мове арыгінала.
Ужо ў 14 год Рафал размаўляў на французскай, іспанскай, рускай мовах, іўрыце (усяго за сваё жыццё авалодаў 14 мовамі). Ён цікавіўся работамі Ніцшэ.  Асабліва захапляла паэзія Сямёна Якаўлевіча Надсана. Ужо ў сталым узросце Лемкін адзначыць, што творчасць Надсана і сфарміравала погляды юнака на жыццё. “У вершах паэта я знаходзіў “тлумачэнне смерці”, - так пісаў Рафал.
Сям’я мела добрую бібліятэку. Там і праводзіў вольны час. Справы ў маёнтку яго зусім не цікавілі.
У 12 год прачытаў першыя творы Генрыка Сянкевіча. Уразіла кніга  “Камо градзешы”, з якой даведаўся пра праследаванні хрысціян рымскім імператарам Неронам. Пачаў цікавіцца праяўленнем насілля ў гісторыі чалавецтва: пунічнымі войнамі, мангола-татарскім нашэсцем, праследаваннем  гугенотаў у Францыі, гандлем рабамі. Ды і само жыццё ўвесь час прымушала думаць аб існуючай варожасці паміж людзьмі, якая можа ўзнікнуць па рэлігійных, нацыянальных, расавых прыкметах.
У аўтабіяграфіі “Купляючы права на жыццё” Лемкін піша, што сям’я пражывала ў маёнтку “Азерыска” (каля Бязводна, на тэрыторыі, якая гістарычна называлася Літвой). Аддаленасць ад буйных гарадоў, зберагла родных ад яўрэйскіх пагромаў, якія былі частай з’явай у Расійскай імперыі. Але ў Азерыск нярэдка прыязджалі людзі з паліцыі. Пасля такіх наведванняў бацькі былі засмучаны, таму што за спакойнае жыццё прыходзілася даваць хабар.
Пад час Першай сусветнай вайны летам 1915 года Бязводна апынулася ў зоне актыўных баявых дзеянняў. Усё самае каштоўнае, у тым ліку і бібліятэку, Лемкіны закапалі ў лесе і там жа знайшлі сабе часовы прытулак. Прадбачлівым учынкам захавалі сабе жыццё. Нямецкім снарадам быў знішчаны дом, а затым захопнікі разбурылі тое, што яшчэ ўцалела.
Калі фронт адыйшоў ад Бязводна, вярнуліся назад у маёнтак, ад якога амаль нічога не засталося. Пачынаецца голад. Памірае брат Самуіл. Апошняя смерць асабліва ўразіла Рафала. Усё часцей ён сабе задае пытанні: “Чаму людзі забіваюць адзін аднаго? Чаму адбываюцца войны? Адкуль такая жорсткасць?” Праз усё сваё жыццё ён пранясе гэта пытанне і паспрабуе адказаць на яго.
Пасля такой трагедыі сям’я пераязджае ў Ваўвавыск, ну а Рафал пачынае самастойнае жыццё. Вучоба ў Беластоку, а затым на факультэце права Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, юрыдычным факультэце Львова. Доктарскую дысертацыю абараніў у Германіі. Адначасова займаецца судзебнай практыкай, працуе памочнікам пракурора у Беражанах, затым выкладае ва ўніверсітэце Варшавы. Тыя справы, якія разглядаў Лемкін, а таксама падзеі ў свеце замацоўваюць мэту маладога чалавека прысвяціць жыццё вывучэнню праблем масавага знішчэння людзей. Пачынае даследаваць міжнароднае права з мэтаю стварыць законы, якія б абаранялі прыгнечаныя народы і каралі злачынцаў.
Пытанне “варварства” ён падымае на шматлікіх міжнародных канферэнцыях і кангрэсах. У 1935 г.прапанаваў асабісты праект і азначэнне паняцця “тэрарызм”.
1 верасня 1939 г. Германія нападае на Польшу. Лемкіна прызываюць у войска. Удзельнічае ў абароне Варшавы, быў паранены. Уцякае ад нацыстаў у Швецыю. Вясной 1941 г. пераязжае ў ЗША. У 1942-1943 годе піша сваю самую значную працу “Правіла осі ў акупіраваннай Еўропе”, ў якой даў азначэнне паняцця “генацыд”. Паняцце мае грэчаскія карані. “Генос” (род, радзіма, племя, народ) - сацыяльная група, якая мае агульнае паходжанне. Суфікс - “цыд” паходзіць ад лацінскага “caedo” - забіваць, біць. Па Лемкіну генацыд – арганізаванае дзеянне, накіраванае на знішчэнне нацыі ці этнічнай групы праз “расшчапленне”, арганізацыі, культуры, мовы, нацыянальнай самасвядомасці і рэлігійнай, эканамічнай асновы існавання, а затым пазбаўленне бяспекі, свабоды, здароўя, чалавечага гонару і ў канечным выніку - жыцця.
На Нюрнбергскім працэсе быў саветнікам Роберта Джэксана, галоўнага абвінаваўцы з боку ЗША злачынстваў фашысцкай Германіі. З 1946 г. быў кансультантам Прававога Камітэта ААН. Адзін з аўтараў Канвенцыі аб папярэджанні злачынстваў генацыду, больш вядомай як “Канвенцыя Лемкіна”. Выкладаў у Іельскім універсітэце ЗША. Двойчы выстаўляўся на атрыманне Нобелеўскай прэміі.
Рафал Лемкін – вядучы тэарэтык ХХ ст. Ён сцвярджаў, што выхаваны ў яўрэйскіх традыцыях, але не належыць да якой-небудзь нацыянальнасці ці рэлігіі. Лічыў сябе грамадзянінам свету. Так і не стварыў сям’ю. Усё жыццё памятаў адказ маці на яго пытанне:
-         Чаму хрысціян праследавалі рымляне?
-         Прыгнечаныя народы не могуць звяртацца за абаронай, - такі быў адказ Бэллы.
Змаганню з праявамі генацыду, выкрыццю іх каранёў ён і прысвяціў сваё жыццё. Памёр у 1959 г. ў беднасці. Матэрыяльныя каштоўнасці яго не цікавілі. На жаль, яму не ўдалося дабіцца пастаўленай мэты, але на яго гістарычнай радзіме ідэі, погляды Рафала Лемкіна сталі не марай, а рэальнасцю.

вторник, 4 сентября 2018 г.

     1 верасня вучняў сярэдняй школы №3 чакаў незвычайны сюрпрыз. У вучэбных кабінетах іх віталі класныя кіраўнікі, але перад уваходам у клас быў размешчаны дзіцячы фотаздымак настаўніка.





    Адначасова адкрылася фотавыстава "Куток малой радзімы". Публікуем фотаздымкі з гэтай выставы.


     На прасторах інтэрнэту знайшоў інфармацыю аб музеі "Светач" Лех Яўсейчык. Родныя Леха маюць свае карані на Зэльвеншчыне. Яго бацька, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, нарадзіўся ў вёсцы Крывічы. Лех вырашыў прыехаць на Зэльвеншчыну і больш дасканала пазнаёміцца з малой радзімай. Матэрыялы аб баявым шляху свайго бацькі ён перадаў у музей "Светач".


     Падчас летніх канікул народны гісторыка-краязнаўчы музей "Светач" наведала дэлегацыя турыстаў з Федэратыўнай Рэспублікі Германія, якія пакінулі свой запіс у кнізе наведвальнікаў.