понедельник, 24 сентября 2018 г.

Філосаф сусветнага значэння


У народны гісторыка-краязнаўчы музей “Светач” трапіла пісьмо, напісанае магістрам матэматыкі Варшаўскага ўніверсітэта Антонам Іосіфавічам Кміта. Аўтар пісьма нарадзіўся 11 ліпеня 1942 г. у в. Рудзевічы. Заканчыў 9 класаў у в. Міжэрычы. Са жніўня 1958 г. пражывае ў Польшчы.
А. Кміта выслаў матэрыялы пра вядомага філосафа ХХ ст. Рафала Лемкіна, які нарадзіўся ў в. Бязводна. Савет музея дзякуе Антону Іосіфавічу за прапанаваны матэрыял. Пасля знаёмства з яго зместам, а таксама дысертацыяй Дугласа Ірвіна Эрыксана “Жыццё і работа Рафаэля Лемкіна: палітычная гісторыя генацыду ў тэорыі і законе” і аўтабіяграфію філосафа, быў напісаны артыкул, які накіраваны ў рэдакцыі газет “Праца” і “Настаўніцкая газета”.
Рафаэль Лемкін

Філосаф сусветнага значэння
Апошнім часам у сродках масай інфармацыі ўсё часцей падымаюцца пытанні генацыду. Разважаючы аб яго праяўленнях і распаўсюджванні, навукоўцы апіраюцца на факты сучаснісці і гістарычнага мінулага.
Само паняцце “генацыд” з’явілася ў сярэдзіне ХХ ст. Адзначыў рысы генацыду, вызначыў яго праяўленні Рафал (Рафаэль) Лемкін. Пра гэтага чалавека шмат напісана навуковых прац. Яго імя вядома ў многіх краінах свету, але, на жаль, не на сваёй малой радзіме. У Парыжы яму ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Чаму Рафала Лемкіна так цікавілі пытанні генацыду? Паспрабуем знайсці адказ у яго дзяцінстве.
Нарадзіўся Рафал Лемкін на Зэльвеншчыне ў 1900 годзе ў вёсцы Бязводна. У сваёй аўтабіяграфіі Рафал піша, што гэта была польска-яўрэйская сям’я. Бацька  Іосіф быў упраўляючым  у маёнтку. Маці,  Бэлла Памеранц,  займалася хатняй гаспадаркай і навучаннем сваіх дзяцей: Іллі, Самуіла і Рафаэля. Яна мела даволі добрую адукацыю: валодала некалькімі замежнымі мовамі, музыцыравала, малявала. Каб развіваць памяць сваіх сыноў, выкарыстоўвала вельмі просты метад: вершы, паданні, казкі яна спявала на мове арыгінала.
Ужо ў 14 год Рафал размаўляў на французскай, іспанскай, рускай мовах, іўрыце (усяго за сваё жыццё авалодаў 14 мовамі). Ён цікавіўся работамі Ніцшэ.  Асабліва захапляла паэзія Сямёна Якаўлевіча Надсана. Ужо ў сталым узросце Лемкін адзначыць, што творчасць Надсана і сфарміравала погляды юнака на жыццё. “У вершах паэта я знаходзіў “тлумачэнне смерці”, - так пісаў Рафал.
Сям’я мела добрую бібліятэку. Там і праводзіў вольны час. Справы ў маёнтку яго зусім не цікавілі.
У 12 год прачытаў першыя творы Генрыка Сянкевіча. Уразіла кніга  “Камо градзешы”, з якой даведаўся пра праследаванні хрысціян рымскім імператарам Неронам. Пачаў цікавіцца праяўленнем насілля ў гісторыі чалавецтва: пунічнымі войнамі, мангола-татарскім нашэсцем, праследаваннем  гугенотаў у Францыі, гандлем рабамі. Ды і само жыццё ўвесь час прымушала думаць аб існуючай варожасці паміж людзьмі, якая можа ўзнікнуць па рэлігійных, нацыянальных, расавых прыкметах.
У аўтабіяграфіі “Купляючы права на жыццё” Лемкін піша, што сям’я пражывала ў маёнтку “Азерыска” (каля Бязводна, на тэрыторыі, якая гістарычна называлася Літвой). Аддаленасць ад буйных гарадоў, зберагла родных ад яўрэйскіх пагромаў, якія былі частай з’явай у Расійскай імперыі. Але ў Азерыск нярэдка прыязджалі людзі з паліцыі. Пасля такіх наведванняў бацькі былі засмучаны, таму што за спакойнае жыццё прыходзілася даваць хабар.
Пад час Першай сусветнай вайны летам 1915 года Бязводна апынулася ў зоне актыўных баявых дзеянняў. Усё самае каштоўнае, у тым ліку і бібліятэку, Лемкіны закапалі ў лесе і там жа знайшлі сабе часовы прытулак. Прадбачлівым учынкам захавалі сабе жыццё. Нямецкім снарадам быў знішчаны дом, а затым захопнікі разбурылі тое, што яшчэ ўцалела.
Калі фронт адыйшоў ад Бязводна, вярнуліся назад у маёнтак, ад якога амаль нічога не засталося. Пачынаецца голад. Памірае брат Самуіл. Апошняя смерць асабліва ўразіла Рафала. Усё часцей ён сабе задае пытанні: “Чаму людзі забіваюць адзін аднаго? Чаму адбываюцца войны? Адкуль такая жорсткасць?” Праз усё сваё жыццё ён пранясе гэта пытанне і паспрабуе адказаць на яго.
Пасля такой трагедыі сям’я пераязджае ў Ваўвавыск, ну а Рафал пачынае самастойнае жыццё. Вучоба ў Беластоку, а затым на факультэце права Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, юрыдычным факультэце Львова. Доктарскую дысертацыю абараніў у Германіі. Адначасова займаецца судзебнай практыкай, працуе памочнікам пракурора у Беражанах, затым выкладае ва ўніверсітэце Варшавы. Тыя справы, якія разглядаў Лемкін, а таксама падзеі ў свеце замацоўваюць мэту маладога чалавека прысвяціць жыццё вывучэнню праблем масавага знішчэння людзей. Пачынае даследаваць міжнароднае права з мэтаю стварыць законы, якія б абаранялі прыгнечаныя народы і каралі злачынцаў.
Пытанне “варварства” ён падымае на шматлікіх міжнародных канферэнцыях і кангрэсах. У 1935 г.прапанаваў асабісты праект і азначэнне паняцця “тэрарызм”.
1 верасня 1939 г. Германія нападае на Польшу. Лемкіна прызываюць у войска. Удзельнічае ў абароне Варшавы, быў паранены. Уцякае ад нацыстаў у Швецыю. Вясной 1941 г. пераязжае ў ЗША. У 1942-1943 годе піша сваю самую значную працу “Правіла осі ў акупіраваннай Еўропе”, ў якой даў азначэнне паняцця “генацыд”. Паняцце мае грэчаскія карані. “Генос” (род, радзіма, племя, народ) - сацыяльная група, якая мае агульнае паходжанне. Суфікс - “цыд” паходзіць ад лацінскага “caedo” - забіваць, біць. Па Лемкіну генацыд – арганізаванае дзеянне, накіраванае на знішчэнне нацыі ці этнічнай групы праз “расшчапленне”, арганізацыі, культуры, мовы, нацыянальнай самасвядомасці і рэлігійнай, эканамічнай асновы існавання, а затым пазбаўленне бяспекі, свабоды, здароўя, чалавечага гонару і ў канечным выніку - жыцця.
На Нюрнбергскім працэсе быў саветнікам Роберта Джэксана, галоўнага абвінаваўцы з боку ЗША злачынстваў фашысцкай Германіі. З 1946 г. быў кансультантам Прававога Камітэта ААН. Адзін з аўтараў Канвенцыі аб папярэджанні злачынстваў генацыду, больш вядомай як “Канвенцыя Лемкіна”. Выкладаў у Іельскім універсітэце ЗША. Двойчы выстаўляўся на атрыманне Нобелеўскай прэміі.
Рафал Лемкін – вядучы тэарэтык ХХ ст. Ён сцвярджаў, што выхаваны ў яўрэйскіх традыцыях, але не належыць да якой-небудзь нацыянальнасці ці рэлігіі. Лічыў сябе грамадзянінам свету. Так і не стварыў сям’ю. Усё жыццё памятаў адказ маці на яго пытанне:
-         Чаму хрысціян праследавалі рымляне?
-         Прыгнечаныя народы не могуць звяртацца за абаронай, - такі быў адказ Бэллы.
Змаганню з праявамі генацыду, выкрыццю іх каранёў ён і прысвяціў сваё жыццё. Памёр у 1959 г. ў беднасці. Матэрыяльныя каштоўнасці яго не цікавілі. На жаль, яму не ўдалося дабіцца пастаўленай мэты, але на яго гістарычнай радзіме ідэі, погляды Рафала Лемкіна сталі не марай, а рэальнасцю.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Оставьте свой комментарий